Панам-ваякам

Якуб Колас

Забразгалі
Шабелькамі
Палкоўнікі-паны.
Няўрымстуюць
Пілсудчыкі:
Ім хочацца вайны.
Зʼязджаюцца,
Злятаюцца
Крывавых спраў майстры,
Шушукаюць,
Змаўляюцца,
Падпальваюць кастры,
Каб з дымам іх,
З пажарамі
Зноў рушыцца ў паход.
Мы ведаем
Іх намеры,
Магнатаў, ваявод:
Прадонне іх
Палохае —
Гісторыі прысуд.
Шукаюць нам
Пагібелі,
А будзе ім капут.
Палкоўнікі,
Ваёўнікі!
Вам меч ці па плячы?
Прыпомніце
Вы прыказку
    Старую аб мячы!



 
[1930]

Іншыя творы: Якуб Колас