Я малюся ветру

Якуб Колас

Я прашу цябе, як брата,
Вецер, будзь ласкавы:
Не гані ты хмар над хатай
Са страхой дзіравай,
 
Над той хатай, дзе Алеся
Знайшла свае прочкі.
Не бубні дажджом па стрэсе,
Дай ёй радасць ночкі,
 
Каб яна спакойна спала
        У сухой пасцелі,
Каб згрызот, бяды не знала
На тым наваселлі.
 
Дык змілуйся, вецер-дружа,
Ты над сіратою,
Будзь ты сам ёй замест мужа
З ласкай, з дабратою.



 
Жадаба-Недапасак
12/VI 1946

Іншыя творы: Якуб Колас