Пытанне

Якуб Колас

Дзе ты, мая доля,
Дзе ты, я пытаю?
Ці то Бог назначыў
У жыцці быць з краю?
 
Ці то людзі злыя
Шчасце адабралі,
На маёй дарозе
Ямы пакапалі?
 
Ці за грэх закляты
Я не маю долі,
Як забыты колас
На мужычым полі?
 
Ці таму гарую,
Што шукаў на свеце
Я святла і сонца
І ўздыхаў па леце?
 
Горкія мне песні
Толькі дасталіся.
Многа думак нудных,
Слёзы каб ліліся,
 
Каб чужыя слёзы
Памяшаць з сваімі...
Сэрца дзервяное
Ці ж зачэпіш імі?
 
Будуць плакаць вочы,
Будуць рвацца грудзі,
Будуць чалавека
Ціснуць доўга людзі!



 
[1907]

Іншыя творы: Якуб Колас