Канстытуцыя

Якуб Колас

Канстытуцыю далі,
Адчынілі дзверы,
І... ў астрог нас павялі,
І таўкуць без меры.
 
Вітэ нам дакляраваў –
Помніце? – свабоду.
Потым фігу паказаў
«Вернаму» народу.
 
Зашумелі аб зямлі
Ў Думе дэпутаты,
Ды па карку ім далі –
І пайшлі дахаты.
 
Архірэй наш Міхаіл
Тураўскі і Мінскі
Чорнай сотні толькі міл,
Бо робіць па-свінскі.
 
Ганчакамі па Русі
Прыставы лятаюць,
Нас цкуюць: «Кусі, кусі!» –
Як зайцоў, страляюць.
 
Развялося стражнікоў,
Як якой жывёлы,
Ад іх плешак і шнуроў
Чырванеюць сёлы.
 
Колькі ўсякіх строгіх мер –
Канца няма, краю!
Канстытуцыю цяпер,
Як пяць пальцаў, знаем.



 
[1905–1906]

Іншыя творы: Якуб Колас