Вусце

Якуб Колас

Я зноў жыву ад горада ўдалі,
Дзе я знайшоў куток у сваім гусце.
І весела мне робіцца, калі
Я ў мыслях зноў прайдуся па зямлі,
Дзе туліцца закінутае Вусце.
Няхай сабе пясчаны гэты кут,
Няхай няма ў ім роскашы паўднёвай,
Ды мілы ён, прыветны яго люд,
Так ласкава глядзяць узгоркі, груд
        У вопратках расліны адмысловай.
 
А гэтыя бародкі-хвайнякі
І жоўць пяскоў на сонечным угрэве!
У летнія гарачыя дзянькі
Смалісты пах разносіцца такі,
Што пʼеш яго у ветравым павеве.
 
Якія там чароўныя лясы
З дарожкамі і сцежкамі між сосен!
І колькі ў іх спакою і красы!
І колькі там наткалі верасы,
        Гваздзіка белая дыванаў сваіх, кросен!
 
Прыпынішся у за́цішку адзін,
Ваколіцы акідваеш вачамі:
Струменіцца цяплынь з лясоў, з далін,
І тонкая смуга свой лёгкі тын
За Свіслаччу стаўляе над палямі.
 
Жыве, дрыжыць, хвалюецца прастор,
І кожнае стварэнне робіць штосьці:
Капошацца мурашкі каля нор,
Дзе коўрыкі развешвае чабор
        Ды пчол к сабе заваблівае ў госці.
 
Пад горкаю, бы срэбраны равок,
Паблісквае на сонцы Балачанка.
І хіліць так утульны беражок,
Так добра там, прылёгшы на пясок,
Папесціцца ружовым летнім ранкам!
 
Як волаты, за рэчкаю дубы
Шатры свае раскінулі над долам.
Зірнеш на іх — гвардзеец з іх любы!
А гордыя вяршаліны-чубы
        Не кланяюцца непагадзі чолам.
 
 
За Балачанкаю, дзе Блужскі Бор
Вясёлую пазіцыю займае,
Адна сасна вартуе касагор,
Над хвойнікам схіліўшы свой убор,
Бы тоіць сум, журбу ў сабе старая.
 
Нацягнутыя струны цішыні
Разносяць звон крылатага стварэння.
А вось матор загуў у глыбіні
Блакітнага прастору: нашы дні
        У сонечным купаюцца праменні.
 
Гудзе, імкне над доламі крылан,
Над хатамі вусцянскага пасёлка.
А хаты ўсе — стары, даўнейшы план:
Трухлявая салома і паркан —
Далёкае мінуўшчыны асколкі.
 
І марам я сваім тут волю дам,
І думаю, што будзе ў нашым краі:
Змятуць калгаснікі драўляны хлам,
Я новыя катэджы ўбачу сам,
        І Вусця я на Бадэн не змяняю.



 
10/Х 1937

Іншыя творы: Якуб Колас