На астрожны лад

Якуб Колас

Зноў павеяла турмою,
Згаслі ў змрочнасці агні,
І гаротнай чарадою
Нудна цягнуцца нам дні.
 
Зноў абшарпаныя сцены.
Звяга цяжкіх ланцугоў,
І няма ніякай змены
Ў гэтым холадзе муроў.
 
Ды няхай тут плача доля
Без уцехі і надзей:
Тым дарожай будзе воля,
Час світання весялей.



 
5/VII 1910

Іншыя творы: Якуб Колас