Палескія вобразы

Якуб Колас

Цёмны бор, кусты, балоты,
Кучы лоз і дубняку,
Рэчкі, купіны, чароты,
Мора траў і хмызняку;
 
Мосцік, зложаны з бярвенняў,
Брод і грэбля кожны крок,
На дарозе рад карэнняў,
Крыж, пахілены набок;
 
Пералескі, лес, паляна,
Старасвецкі дуб з жарлом,
Хвоя-веліч на кургане
З чорным буславым гняздом;
 
Гразь, пяскі, лужок зялёны,
Шум крынічкі з-пад карча,
Шэлест лісцяў несканчоны,
Крык у небе крумкача;
 
Вербы, груша-сіраціна,
Нізкарослы цёмны гай...
Гэта ты, балот краіна!
Гэта ты, палескі край!



 
1909

Іншыя творы: Якуб Колас