Майму другу

Якуб Колас

Немалую дарогу прайшлі мы
Па чужой і па роднай зямлі.
Адыходзілі вёсны і зімы,
І гады за гадамі плылі.
Шмат снавалі мы кросен шаўковых
З нашых думак-лятунак і мар;
Сустракалі нас ветла дубровы,
І лясы нам давалі свой дар.
 
Па-над рэчкай у лузе квяцістым
        Мы хадзілі, бывала, не раз;
Векавыя дубы жоўтым лістам
Навявалі няўцямны нам сказ.
 
Жураўлі праляталі над полем,
Забіраючы лета з сабой,
Ды пагуліваў вецер на волі
З неакрэсленай ціхай журбой.
 
Эх, ды дзе не ляжалі пуціны!
Хіба можна іх змераць, злічыць?
Пакідалі мы дзве каляіны,
        Але песня адна ў іх гучыць.
 
Аб той песні, што сэрца мне поўніць,
Аб табе, кім жыву я заўжды,
Я хачу, мілы друг мой, напомніць,
Прыгадаўшы былыя гады.



 
23/Х 1941

Іншыя творы: Якуб Колас