Што трэба?

Якуб Колас

Сябры мае, не словы трэба тут —
Ад слоў не дрогне вораг.
Распалены жалезны трэба прут,
Гаручая бутэлька, порах.
 
Патрэбны злосць, зацятасць, сэрца гарт,
Парыў адзін і мэта.
Як сталь будзь цвёрд, настойліў і упарт
І помні толькі гэта.
 
Крышы, знішчай, як можаш, ваўчуру,
                Начыненую ядам,
Агнём палі прасмердлую нару,
Дыхнуць не дай ім, гадам.
 
Труці іх, распінай, бі з-за вугла
Даўбнёй, нажом, сякерай,
Каб галавы падняць больш не магла
Фашысцкая халера.
 
Браты мае, на спаленай зямлі,
        На нашых родных гонях
Магіла будзе ёй, фашысцкай тлі,
                І Гітлер тут затоне.



 
4/VIII 1942

Іншыя творы: Якуб Колас