Жыві, свабодная Іспанія

Якуб Колас

Мадрыд і Більбао і Гернікі муры!
Заліты вы кроўю дзяцей і жанчын:
Вандалы, забойцы з фашысцкіх краін
Лютуюць і сеюць крывавыя буры.
 
А вы, ашуканцы, лгары, пустасвяты —
Жрацы, што таргуеце кроўю «святой»,
Вы благаславілі на подлы разбой
Бандыта з Берліна і рымскага ка́та.
 
Народ знемагае ў геройскім змаганні,
Баронячы волю і мірны свой труд,
А вы, лорды Ідэн, Чэрчыль і Плімут, —
Камедыя ваша адна — неўмяшанне.
 
 
На крыжу пакуты распята краіна.
Куюць ёй адкрыта ланцуг, кайданы,
І цела жывое клююць каршуны,
Драпежнікі з Рыма, шакалы з Берліна.
 
А вы, «абаронцы прагрэсу і міру»,
У вочы пускаеце людзям туман,
У сэрцы ж гандлярскі вы тоіце план,
Ліхвярскія мыслі халодных банкіраў.
 
Няхай варʼяцее шалёная зграя,
Разбойнікі розных масцей і краін, —
Паўстанеш, Іспанія, з вогнішч, з руін,
Твой дзень перамогі к табе завітае.
 
Жыві, узнімайся, сцяг, вышай і вышай
Калон міжнародных, брыгад баявых.
Імёны ж забойцаў, хаўруснікаў іх
На слупе ганебным рабочы запіша.



 
[1937]

Іншыя творы: Якуб Колас