Дуб

Якуб Колас

Сілачом стаіць
Дуб разложысты,
І здалёк відаць
Пышны верх яго.
 
А ўнізе пад ім
Нёман коціцца,
Срэбрам-стужкаю
Павіваецца.
 
У нагах трава
    Нізка сцелецца,
А вакол ляжыць
Травяністы луг.
 
Ў глыб зямлі ўвайшлі
Карані яго.
Крэпка дуб стаіць,
Не варушыцца!
 
Так размашыста
Параскіданы
Ва ўсе стораны
  Лапы крэпкія.
 
Комель — слуп-скала,
Дыша сілаю,
А ўгару зірнеш —
Шапка валіцца.
 
Дуж ты, дуб стары,
Сын вякоў сівых!
Многа бур ты знёс
На вяку сваім!
 
Налятаў віхор
  З навальніцаю,
Ды не гнуўся ты
Перад бураю!..
 
 
Гэй ты, дуб стары,
Вартаўнік лугоў!
Аддае твой шум
Спевам-музыкай.
 
А пра што шуміш
І аб чым пяеш,
Пра то ведаюць
    Ветры вольныя,
 
Што з табой вядуць
Мову сталую
Ў летні добры час
Або восенню.
 
Я падслухаю
Гэты шум лістоў,
А з іх гутаркі
Песня зложыцца.



 
22/VI 1910

Іншыя творы: Якуб Колас