Русалкі

Канстанцыя Буйла

Месяц. Ноч. У нізкіх долах туманы зямлю пакрылі,
А над возерам так ціха-ціха дрэўцы шалясцяць,
Ўсё заснула, спачывае ў халадочку летняй ночы.
Зоркі ў небе так спакойна і таемна так дрыжаць.
 
Не ўздрыгне, не скалыхнецца возера гладзь люстраная;
Месяц, зоркі залатыя праглядаюцца у ёй...
І з падводнага палаца пагуляць на сонных хвалях,
Ў бляску месяца купацца вылецеў русалак рой.
 
Мглой сярэбранай адзеты; косы - быццам залатыя;
Вочы сінія, як неба, як бы зорачкі, блішчаць.
Ўсе вясёлы, на лісточках водных лілій пасядалі,
І на месяц пазіраюць, і штось ціха шапацяць.
 
Адна толькі невясёла, твар рукою закрывае;
Стогн пакуты з набалелых вырываецца грудзей;
- Дзе ж, о дзе ты, дарагі мой?! Ці ж не лепей тут са мною,
На дне возера, жыць вечна, як на свеце між людзей?
 
Ці не лепей тут чуць зоры; на шырокім вод абшары
Вечна толькі весяліцца і без гора вечна жыць, -
Як на свеце праз век цэлы, быццам рыба аб лёд, біцца,
Праз век цэлы працаваці, ў недастатку вечна быць?
 
О, прыйдзі, прыйдзі! З табою ўдзень на водных траў пасцелі
Аж да вечара дзень кожны будзем мы спакойна спаць,
А чуць месяц зноў засвеціць, па люстранай вод раўніне
Будзем лёгка пранасіцца, і купацца, і гуляць!..
 
Да русалак даляцела жальба сплаканай русалкі,
І, сарваўшыся, ўсе роем да яе яны бягуць,
А з-пад ног іх, у брыльянты прамяністы пазмяняны,
З шумам пырскі вадзяныя паднімаюцца, лятуць.
 
І пабраўшыся за рукі, ўсе русалкі лёгкім колам
Каля сплаканай русалкі сталі весела гуляць, -
Да сябе яе прасілі і смяяліся, круцілісь,
Ўрэшце ціхім стройным хорам пачалі яны пяяць:
 
О, не плач! Не плач, сястрыца, што твой мілы не прыходзіць.
Прыкажы, і, што ты хочаш, мы ўсё табе дадзім!
Толькі ты аб ім не думай! Во, глядзі: схаваўся месяц.
Хадзі! Разам у палац мы наш падводны паляцім.
 
І яе за рукі ўзялі - лёгка-лёгка, у такт песні,
Закруціліся, прапалі у халоднай глыбіні.
Сціхла ўсё... І толькі ўдалі спеў русалчын раздаваўся.
І па сонных вод раўніне данасіўся да мяне...
 
1914

Іншыя творы: Канстанцыя Буйла