«Ярка над Іслаччу зоры гараць...»

Канстанцыя Буйла

Ярка над Іслаччу зоры гараць,
Водбліскі іх зіхацяць на траве.
Глуха, як бубны, бярвенні бубняць -
Лес сваім ходам да мора плыве.
 
Вогнікі скупа блішчаць на плытах,
Чуецца песня далёка ўначы,
Лёгка лунае ў паветры, як птах,
Быццам ад хлопцаў не можа ўцячы.
 
Хлопцы звязалі бярвенні ў плыты,
Гоняць іх смела удаль-далячынь.
А над ракой навісаюць масты,
А пад мастамі бушуе быстрынь.
 
Трэба мець вока на хібах вады,
Трэба руку капітанскую мець:
Ёсць непраходныя ў хвалях хады,
Можна і ў процьму з плытом паляцець.
 
Толькі плыты праганяў тут не раз
Наш атаман - плытагон малады.
Ды вось ні разу ў вірах не завяз
І не збаяўся таемнай вады.
 
1947

Іншыя творы: Канстанцыя Буйла