Звон

Канстанцыя Буйла

Янку Купалу
 
Ён плыў над палямі з жытнёваю хваляй,
Праносіўся ў далі, ляцеў,
То рэхам над лесам, як гром, рассыпаўся,
То зноў заміраў, а то зноў калыхаўся
І мякка і плаўна гудзеў.
 
Гудзеў над лугамі, ляцеў над палямі,
Над нівай, над сёламі плыў,
А гукі яго дзіўнай нотай дрыжалі
То як бы ў задуме, то як бы у жалі,
І чуўся ў ім гулкі прызыў...
 
Ён зваў да жыцця і да лепшае долі
Усіх, хто сном каменным спаў;
І сну ледзянога апалі аковы,
І ўстаў народ цэлы, і ўстаў як бы новы,
Да бою за волю устаў.
 
1913

Іншыя творы: Канстанцыя Буйла