«Маё шчасце міма толькі што прайшло...»

Канстанцыя Буйла

Маё шчасце міма толькі што прайшло,
Закрануўшы сэрца залатым крылом...
Сэрца сцялі болем сум, туга і жаль.
Прамільгнула шчасце незваротна ўдаль.
 
Ці ж калі на свеце гэтак дзе было,
Каб дарогай шчасце міма сэрца йшло?
Даганяць? Дарэмна! Крыллямі ўзмахне,
Праляціць яшчэ раз міма ля мяне.
 
Сумна-сумна стала. Шлях ахутаў мрок.
А ісці - патрэбна! Ну, за крокам крок.
І прывыкнуць вочы, і прывыкнеш ты -
І не будзе страшна гэтай цемнаты.
 
Мо засвецяць зоры на тваім пуці
І без шчасця можна праз жыццё прайсці?
А яно? Вось міма толькі што прайшло,
Зачапіўшы сэрца залатым крылом...
 
1946

Іншыя творы: Канстанцыя Буйла