У краіне мар

Канстанцыя Буйла

Ў краіне мар паднебнай далі,
Дзе зоры свет ракой лілі,
Ў праменнях сонца мы спаткалісь,
Не знаючы яшчэ зямлі.
 
Я помню гэтае спатканне,
Пагляд гарачы помню твой,
Яснейшы зоркі залатой,
Што мне ў душу уліў каханне.
 
А дружкі-зоры штось пяялі
Аб шчасці вечнага кахання;
З далін зямлі на прывітанне
Нам кветкі пах свой пасылалі.
 
І сам нас Бог тады звянчаў,
Ды ёсць такі закон у Бога,
Што, хто цярпення не дазнаў,
Не знойдзе, к шчасцю дзе дарога.
 
І душы, ў цела прыадзеты,
К жыццю зямлі ён прысудзіў
І на ўвесь час той разлучыў
Каханнем дзве душы сагрэты...
 
З тых пор нам сэрцы крывёй льюцца...
Што ж зможа гэты боль уняць
Дзвюх душ, што вечна к сабе рвуцца,
Ды пут не могуць разарваць,
 
Пут цела, што іх тут скавалі
І разлучылі іх з сабой?!.
. . . . . . . . . . .
Боль гоне слязу за слязой,
А шчасце ціха ззяе ўдалі.
 
1914

Іншыя творы: Канстанцыя Буйла