У бяссонную ноч

Канстанцыя Буйла

Ляжу я бяссонна ў цёплай пасцелі,
Вачэй не змыкае мне сон, -
А думкі снуюцца, як нітка з кудзелі,
Ды толькі не светлы, як лён.
 
Мне сумна. Ноч цёмна. Віхор за акнамі
Нуду навявае, шуміць;
Бярозка малая сваімі лісткамі
У шыбу паціху шуршыць.
 
Мне страшна!.. Мурашкі пабеглі па целе,
Наяве ўсё гэта ці ў сне?!
Во, цені нясуцца... Лятуць... Праляцелі...
Падходзяць... Ідуць да мяне!!!
 
Іх целы прывідны, як мгла над палямі,
А ўслед ім дым чорны ляціць;
Зялёныя вочы іх свецяць агнямі,
Агонь пад нагамі гарыць...
 
Во! Збіліся ў кучу, бяруцца за рукі...
Во! Круцяцца, ўюцца, лятуць...
Пакрыўлены твары іх з болю і мукі,
Во! Песню пачалі, пяюць:
 
«Хоць цяжка у цёмных магілах нам быці,
Хоць грудзі гніюць пад зямлёй,
Ізноў туды пойдзем, не хочам тут жыці,
Там лепш у магіле сырой».
 
Лятуць... Праляцелі, і слоў ўжо не чутна,
Здалёк толькі голас звініць;
Лятуць у магілы... Бо жыць так гаротна,
Як мы, дык няварта, каб жыць.
 
1914

Іншыя творы: Канстанцыя Буйла