Адкінуўшы фіранку...

Юлі Таўбін

Адкінуўшы фіранку,
Гляджу праз пыл і дым, -
Сялянская фурманка
На бруку гарадскім.
 
Вітрыны і афішы
І коміны ўгары...
Паветра дымам дыша,
Ў паветры дым і крык.
 
І вось яна мінае
Манто і паліто,
Спакойныя трамваі
І дзёрзкія аўто.
 
І ў вуліц ліхаманку
І ў спёку, ў пыл і дым
Імчыць мая фурманка
Па бруку гарадскім.
 
Жнівень, 1929

Іншыя творы: Юлі Таўбін