«Панарамы лясоў і балот...»

Юлі Таўбін

Панарамы лясоў і балот,
Краявіды імшыстых нізін...
І на Захад, на Поўнач, на Ўсход -
Я ды край мой - адзін на адзін.
 
Будзь здароў!..
               Пакахай і пястуй
У абдымках ліпнёвых начэй...
Чуеш сэрца ўстрывожаны стук,
Бачыш палкасць гарачых вачэй...
 
Я прыйшоў ад каменных будоў,
Ад асфальтавых сцежак і троп,
Я прынёс табе шчырасць-любоў
І ў напевах - жалезны настрой.
 
Я прыйшоў на прасторы палос
Палюбіць і сказаць, што я сын
Родных сэрцу лясоў і балот,
Краявідаў імшыстых нізін.
 
Ліпень, 1929, м. Самацеевічы

Іншыя творы: Юлі Таўбін