Рэдакцыйнае

Юлі Таўбін

Золкай раніцай
Дождж, нібы кроплямі цыны,
Б’е па шыбах
І мкнецца кудысьці ізноў...
Лістаносец наваліць
На стол рэдакцыйны
Многа-многа
Нязграбных і шэрых лістоў.
 
Бразне ключ
Каля шчыліны ў скуры партфеля –
І лісты ўжо ля мэты...
                                  Здабыты прычал...
Іх пісалі
Пад пырскі вясковай мяцелі,
А віхор несуцішны
Звярэў і рычаў.
 
Ў іх пісалі крывёю
Пра крыўды і ліха,
І скрыпела ў замурзаных пальцах пяро, –
Толькі светлыя зоры
Натоўпам бязлікім
У ваконцы ўглядаліся тою парой.
 
Так закончаны ліст
І памятым уверчан...
Тут напісана ўсё –
                  У каго апарат...
Многа розных праяў
Захавана ў канверце,
У няроўных радкох,
Што крывёю гараць.
 
І пра тое,
Што лесу не мае на хату,
Ў сельсавеце заселі цяпер кулакі,
Што няправільна зноў
Налічылі падатак...
І на ліха,
Скажэце ж, парадак такі?..
 
А тады,
Пад канец,
Пасля доўгіх дакораў,
Гэты “нехта”
Папросіць
Лістоў ды парад
І яшчэ –
Каб яго залічылі ў селькоры
Ды хутчэй пераслалі яму ганарар.
 
Прачытае рэдактар,
Паглядзіць...
Падкрэсліць...
Мо пакіне шалець на прыганку віхор...
А рэдактар хіснецца з усмешкаю ў крэсле –
І чырвоным алоўкам напіша:
                                            - “Ў набор”.
 
Панясуць у друкарню...
Там лоб свой наморшчыць,
Будзе рыцца у касе
Свінцовых слупкоў
І пад літарны строй
Аб’яднае наборшчык
Гэты допіс мурзаты
Ад грэчных палёў.
 
Будуць доўга шумець у друкарні машыны,
Аддаваць доўгім вілам
Паперы абрус
І, нарэшце, -
Апошні друкованы вынуць
І нататка пакончыць пакутны свой круг.
 
Позна ўвечары
Зоранькі кроплямі воску
І мігцяць,
І ласкочуць,
І шлюць свой прывет...
Прывязе лістаносец
У дальнюю вёску
І лістоў,
І паштовак,
І свежых газет.
 
У газетах
Сяльчане тады прачытаюць,
Што пра іх напісаў
Касавокі Тамаш...
Сельсаветчыкі кінуцца
Злоснаю зграяй –
Ды абрэзаны крыллі
І сілы нямаш.
 
А у горадзе
Будзе гудзець завіруха.
Будзе колы
Круціць электрычны матор,
І рэдактар ізноў –
Прачытае,
Пакруціць
І на новай нататцы напіша:
                                            - “Ў набор”.

Іншыя творы: Юлі Таўбін