"Мой добры, мой даўні ментар..."

Юлі Таўбін

Мой добры,
            мой даўні ментар,
настаўнік
            мае хады –
вечар з глухім акцэнтам,
вечар сіняй вады.
 
Ішлі мы з табою
                    поруч,
і лёгка ж было ісці,
трымаючыся
                  за поручы
над шчылінамі цяснін.
 
Няхай
        вымаўленне дзікае
тваё дзівіла натоўп,
а ты
        выпраўляў
                  мне дыкцыю
і ты
          задаваў мне тон.
 
Задумлівы і патайны,
з нявыказанай
                      журбой...
Мой добры,
              стары настаўнік,
разыходзімся
мы з табой.
 
На слядах тваіх
                вырас плюшнік,
дзікі неруш
                        шчытом парос,
на павеках тваіх
                        нерасплюшчаных
стынуць кроплі світальных рос.
 
Цішэюць твае крокі
у змроках
                пуцявін, -
шляхі мае
                шырокія
праходжу сам, адзін.
 
Калі
        якому ў ахвоту,
хай сочыць
                    думы мае, -
калі
          я даў сабе воту,
я выканаю яе.
 
Не цвіў я ніколі
                              бросняй
і песняй не гуляў,
                                  не.
адна ў мяне толькі просьба –
каб веры далі мне.

Іншыя творы: Юлі Таўбін