Дзяўчына

Канстанцыя Буйла

Ўжо свечка пагасла, ўжо ноч за акном...
Ў пасцелі мне душна, не спіцца...
О сон! Ты самкні мае вочы хутчэй,
Мо мілы сягоння прысніцца!
 
Гадзіны ідуць, я ў пасцелі ляжу,
І сон не смыкае мне вочы,
А месяц праз вокны лье свет залаты,
Малюнкамі сцены залоча...
 
Устану з пасцелі, акно адчыню, -
Мо вецер, што ў полі гуляе,
Мне скажа, што робіць мой мілы цяпер, -
Мяне, як даўней, ці кахае?..
 
У небе спакойна так зоркі дрыжаць,
А ветрык лісточкам шапоча;
Запеў салавей звонкай трэллю сваёй -
Заплача, то зноў зарагоча...
 
І ветрык, і зоркі, і месяца свет,
І звонкая трэль салаўіна,
Здаецца, што гэта гукае ўсё мне:
- Цябе ён кахае, дзяўчына...
 
А ночка халодна: ўжо чую, як мне
Дрыжанне пабегла па целе;
Іду ўжо, лажуся ў цёплай маёй,
І мяккай, і белай пасцелі...
. . . . . . . . . . . .
 
Заснула дзяўчына, а месяца свет
На вочы і вусны лажыцца,
Праз сон штось смяецца дзяўчына мая:
Відаць, што ўжо мілы ёй сніцца.
 
1914

Іншыя творы: Канстанцыя Буйла