Курган

Канстанцыя Буйла

Там, дзе быстраю хваляю рэчка плыве,
У даліне між цёмнага лесу,
Прытаіўся высокі зялёны курган
Пад плакучых бярозак завесай.
 
Руж здзічэлых кустамі зарос ён увесь,
Хто садзіў іх - ніхто тут не знае,
Між руж камень стаіць; пазалоту з яго
Сцерла часу рука векавая.
 
А на камені надпіс: «Пад тым курганом
Ляжаць двое - хлапец і дзяўчына:
Пад бярозкай зялёнай схаваны Янук,
Пад кустом ружы дзікай - Галіна».
 
Хто іх тут пахаваў і былі кім яны -
Надпіс гэты не кажа нічога.
Аб усім давялося даведацца мне
Ад вандроўнага дзеда старога.
 
- Шмат гадоў працякло, як было гэта ўсё, -
Пачаў дзед. - На гары над далінай
Двор вялікі стаяў. У двары тым жыў пан
Нейкі з дочкай прыгожай, Галінай.
 
Тут, бывала, штоноч цэлы двор у агнях;
Шмат паноў адусюль наязджае,
Цэлу ноч п'юць, пяюць і гуляюць яны;
Без устанку музыка іграе,
 
А чуць свет раз'язджаюцца ўсе, хто куды;
Спаць кладуцца і пан і дружына.
Як замрэ цэлы двор... Адна толькі не спіць
У дварэ маладая Галіна.
 
Яна хутка ўстае, бо пад дубам ужо
Янка ціха на дудцы іграе,
Тут, бывала, штодзень статак белых авец
Ён на пашу у лес прыганяе.
 
І прыгожы ж быў Янка: хлапец, хоць глядзі!
Твар, як кроў з малаком памяшана;
А яго валасы чорны й цёмны, як ноч,
У стручочкі былі пазвіваны.
 
Там, бывала, пад дубам пасядуць яны,
Ціха-ціха на дудцы ён грае, -
Стада белых авечак паляжа укруг,
А Галіна вяночкі сплятае.
 
Але трэба ж бяды. Адзін пан малады
Прысылае сватоў да Галіны.
Бацька рад, на вяселле склікае гасцей,
Хоць не хоча йсці замуж дзяўчына.
 
У двары зноў банкет: п'юць, гуляюць, пяюць,
Рой дзяўчат маладую ўбірае:
Яна ж, вочы самкнуўшы, на крэсле сядзіць,
Толькі белыя рукі ламае...
 
Потым ўстала, памалу ідзе да дзвярэй...
- Пачакайце, вярнуся! - сказала.
На дварэ чакаў Янка - на рукі яго,
Абамлеўшы, Галіна упала.
 
Час ляцеў - маладая назад не ішла...
Праляталі мінуты, гадзіны...
Над ракой нейкі крык... скаланулась вада...
Ў ёй прапалі Янук і Галіна...
 
Тут, пад тым курганом, бацька іх пахаваў...
Скончыў дзед і закрыў твар рукою;
Па сівой барадзе ўперагонку з сабой
Плылі ціха сляза за слязою.
 
- А скажы мне, стары, адкуль ведаеш ты
Ўсю гісторыю Янкі й Галіны?..
Тут стары памаўчаў і, абцёршы слязу,
Мне сказаў: - Янук быў маім сынам...
 
1914

Іншыя творы: Канстанцыя Буйла