«Радзіма! Ты любай была мне да болю...»

Канстанцыя Буйла

Радзіма! Ты любай была мне да болю,
Радзіма! Цудоўны мой яблынны цвет...
Мне бачны лясы твае, бачна мне поле,
Дзе ўціснуты першы дзіцячы мой след.
Убачу народ - непахісны ў змаганні,
І роднага неба блакітны прастор,
І ясныя зоры - вясной, на світанні,
І ціхія гладзі люстраных азёр.
Я еду дамоў! Не ў госці, да часу,
Я еду узняць, аднавіць гарады,
Засеяць палі неабсяжных калгасаў
І міру навечна адзначыць сляды.
Засеем палі і сады зноў насадзім,
Радзіма, ты ўстанеш у новай красе!
Табе мы ў працы ніколі не здрадзім,
Навекі з табою мы звязаны ўсе!
 
1946

Іншыя творы: Канстанцыя Буйла