Мяцеліца

Канстанцыя Буйла

Праз пустыя бязмежныя гоні
Скачуць лёгкія белыя коні...
Ветрагонныя звоняць капыты,
Шкляным звонам ільдзістым падбіты.
 
Еду, еду па беламу полю,
А віхура дарогу заносіць.
Яна ўслед мне так страшна галосіць,
Быццам сэрца заходзіцца з болю.
 
Ўдаль лятуць мае белыя коні
Па пустым бездарожным загоне.
Пераблытаў ім вецер гуллівы
Легкавейныя, тонкія грывы.
 
Поле снегам сыпучым пакрыта,
Звоняць звонам ільдзістым капыты...
І куды я загублена еду
Без пуці, без напрамку, без следу?!
 
1937

Іншыя творы: Канстанцыя Буйла