«Ціхім гоманам гордых вяршынь...»

Канстанцыя Буйла

Ціхім гоманам гордых вяршынь,
Шапаценнем зялёных галін
Лес адвечную казку казаў.
Казкі той зразумець не маглі
Птушкі, што у ім гнёзды вілі,
Ані вецер, што там пралятаў...
 
Казку тую адчуў чалавек:
Баіў лес пра мінулы ўжо век,
Ён гісторыю пеў старыны,
Што было таму сотні гадоў,
Аб жыцці-быцці нашых дзядоў,
Як і дзе векавалі яны.
 
Ён аб войнах крывавых казаў,
З кім і дзе наш народ ваяваў,
Пеў аб долі-нядолі яго;
Ён аб славе яго гаварыў,
Як ён дружбу з сябрамі вадзіў
І за ворага меў ён каго.
 
Ціхім гоманам гордых вяршынь,
Шапаценнем зялёных галін
Баіў лес пра мінулы ўжо век.
Казкі той разумець не маглі
Птушкі, што у ім гнёзды вілі,
Яе ўсю зразумеў чалавек.
 
1913

Іншыя творы: Канстанцыя Буйла