І сумна, і нудна

Міхаіл Лермантаў

І сумна, і нудна! — і некаму слова сказаць
        Сяброўскае ў момант у гэты...
Жаданні... ці варта дарэмна і вечна жадаць?
        А леты мінаюць — найлепшыя леты!
 
Кахаць — а каго? — захапляцца часова не след,
        А вечна кахаць немагчыма...
Душу варухнеш? — знойдзеш толькі нікчэмнасці след.
        І радасць і гора пранеслася міма.
 
Пачуцці? — іх слодыч, што палкімі вуснамі п’еш,
        Ад слова развагі знікае,
І наша жыццё, як з халоднай увагай зірнеш, —
        Такая мізэрнасць і марнасць такая!

Іншыя творы: Міхаіл Лермантаў