«Калі перада мной стракатаю чаргой...»

Міхаіл Лермантаў

1-га Студзеня



 
Калі перада мной стракатаю чаргой
Вальсуе, кружыцца сукенак тлумны рой
      Відовішчам жахлівай казкі,
Пад дзікі шэпт размоў, халодны бляск вачэй
Не вобразы людзей мільгаюць, а хутчэй
      Прыстойнасці бяздушнай маскі,
 
Калі кранаюцца халодных рук маіх
З нядбайнай смеласцю красуняў гарадскіх
      Даўно нетрапяткія рукі, —
І, не захоплены святочнай мішурой,
Я мары даўнія лаўлю душой сваёй,
      Былых гадоў святыя гукі.
 
А як здараецца на нейкі момант мне
Забыцца, — памяццю ў былое, нібы ў сне,
      Лячу я птушкай раскаванай;
І бачу я сябе шчаслівым хлапчуком,
І родны бачу кут: высокі панскі дом
      І сад з цяпліцай зруйнаванай;
 
Пад сеткаю травы зялёнай спіць ставок,
А за стаўком сяло дыміцца — і здалёк
      Туман плыве па-над палямі.
Іду я ў цёмны парк; і сонца праз кусты
Апошні шле прамень, і жоўтыя лісты
      Шумяць нясмела пад нагамі.
 
І грудзі дзіўнаю сціскаюцца тугой,
Я плачу і люблю, я думаю аб ёй;
      Люблю я мар сваіх стварэнне
З вачамі поўнымі блакітнае красы,
З усмешкай свежаю, як ранішняй расы
      За гаем светлае зіхценне.
 
Так мар уладаром, не лічачы гадзін,
Я — адзіноты сын, не раз сядзеў адзін,
      І памяць тых хвілін маркотных
Жыве пад бураю сумненняў, дум цяжкіх,
Як выспа свежая сярод пустынь марскіх
      Цвіце ў прасторах іх вільготных.
 
Калі ж, абуджаны, падман я пазнаю,
І мару зноў натоўп спалохае маю,
      На баль някліканую госцю,
О, як я ўсім хачу збянтэжыць слых і зрок,
Як выклік, кінуўшы жалезны свой радок,
      Абліты горыччу і злосцю!..

Іншыя творы: Міхаіл Лермантаў