Я шукала...

Канстанцыя Буйла

Я шукала цябе, мілы мой, ўжо даўно, -
Я шукала цябе, выглядала
Вось такога, як сніўся ў дзявочых мне снах,
Хоць тады я цябе йшчэ не знала!
 
Хоць ніколі цябе йшчэ не бачыла я -
Ты мне сніўся штоноч такі самы,
Як цяпер вось стаіш, поўны дзіўнай красы,
З прамяністымі ўзгляду лучамі.
 
Дай руку мне - будзь братам маім дарагім,
Пойдзем разам жыццёвай дарогай,
Мо тады чуць не будзем так моцна цярнёў,
Што калечаць бязлітасна ногі.
 
Хадзі, пойдзем па гэтай пуціне вузкой -
Нам гасцінец адкрыецца біты,
Тканы золатам кветак, брыльянтаў расой,
Траўкі шоўкам зялёным расшыты...
 
Дай мне руку! З далоняй ў тваёй далані
Сэрца з сэрцам, а душа з душою
Пойдзем, моцныя сілай кахання свайго,
Мы жыццёвай дарогай - красою!
 
1914

Іншыя творы: Канстанцыя Буйла