Чужой любві я не зайздрошчу...

Аркадзь Куляшоў

Чужой любві я не зайздрошчу,
Тут са сваёю нелады:
Я ў сэрцы ёй даю жылплошчу,
Ды ў ім утульна не заўжды.
 
Няўжо мой дар не пажаданы
І не прызнаны, сапраўды?
Тады бывай, бывай тады!
Любоў - не райскія сады,
Любоў - не дом падараваны,
Любоў - бяздомнік, прапісаны
У верным сэрцы назаўжды.
 
1961

Іншыя творы: Аркадзь Куляшоў