Пра вечнае пяро

Аркадзь Куляшоў

Мне вечную ручку з пяром залатым
Прыслалі з усходняй краіны,
Каб мір бараніла служэннем сваім
Яна да апошняй хвіліны.
 
Пяро навастрыў я, саджуся за стол,
За зброю такую не сорам,
А толькі ўжо чую: капаецца дол
Яшчэ не напісаным творам.
 
Нянавісць з рыдлёўкаю, зайздрасць з дубцом,
Варожасць з крывою сякерай
Застылі ў маўчанні над вечным пяром,
Што думку злучае з паперай.
 
Чакаюць, каб час загадаў ім хаваць,
Пяском засыпаць бессардэчным
Надзённыя вершы, якія пісаць
Пяром я адважыўся вечным.
 
Хто ўздумаў прыслаць далакопную знаць,
З якой знакамітай дзяржавы?
Што так непакоіць, хацеў бы я знаць,
Майстроў далікатнае справы?
 
Чаму іх намерам, чарнейшым ад хмар,
Далося пяро маё ў знакі?
Яно мне - японскіх таварышаў дар
У памяць ахвяр Нагасакі.
 
Пішу я, нянавісці злоснай назло,
На гібель варожасці лютай,
Каб іх нелюдское злачынства было
Апошняй людскою пакутай.
 
Злачынцаў ліхіх - далакопаў старых
Я сам адспяваю спачатку,
І хай тады вечнасць на песнях маіх
Нявечнасці ставіць пячатку.
 
1961

Іншыя творы: Аркадзь Куляшоў