«Падлетак я - ад пят і да валос...»

Аркадзь Куляшоў

Падлетак я - ад пят і да валос,
Таварышка мая - лясная сцежка.
Аднойчы з ёй нас разлучыла ўсмешка
Сяброўкі новай, што паслаў мне лёс.
 
Я не чакаў раптоўнага з'яўлення
Трывог жаданых, прадчуваных мук, -
Упаў да ног дзяўчынкі кошык з рук,
Рассыпаўшы суніцы ад здзіўлення.
 
Разгублены, я шкадаваў не іх,
Не сцежку, што вілася за сасною, -
Шкада, што адыходзіў разам з ёю
Час бесклапотных пошукаў лясных.
 
З парой турбот наладзіўшы спатканне,
Сцяжынка знікла ў ельніку густым.
З усмешкаю над кошыкам пустым
Схілілася жывое прадчуванне.
 
1963

Іншыя творы: Аркадзь Куляшоў