Ранак

Аркадзь Куляшоў

Выходжу я ў разведку -
Рашучы заўтра бой.
Ты, ранак,
Будзь за сведку,
Услед ідзі за мной.
 
З табой у згодзе поўнай
Жылі мы з першых дзён.
У барацьбе няроўнай
Я трапіў у палон.
 
І рукі мне звязалі,
І ў плечы б'е прыклад.
«Вядзі! -
Мне загадалі. -
Паказвай шлях назад...»
 
Ты, ранак мой вялікі,
У час маіх няўдач
Пад ногі кідай пікі,
Дарогі перайнач.
 
Дзе рэчку помніў розум,
Там возера кладзі,
Дзе корч -
З карча бярозу
На месцы тым радзі.
 
Дупло зрабі з засечкі,
Хай птушка ў гэты дзень
Туды свае яечкі
Блакітныя кладзе.
 
У родную краіну
Дарогі перайнач.
А я? А я загіну.
А ты?
А ты не плач.
 
1940

Іншыя творы: Аркадзь Куляшоў