«Ёсць у паэта свой аблог цалінны...»

Аркадзь Куляшоў

Ёсць у паэта свой аблог цалінны,
Некрануты прастор для баразён,
Дзе ён працуе з першае хвіліны
І да апошніх вечаровых дзён;
 
Ёсць думак прагавітае насенне,
У жменю назбіранае з дарог,
Што спелага чакае ўвасаблення,
Заліўшы хваляй жытняю аблог;
 
Ёсць сэрца маладое, без якога -
Без палкага, жывога пачуцця -
Няма ў яго нічога: ні аблога,
Ні плённых дум, ні самаго жыцця;
 
І ёсць адказнасць перад строгім вершам,
Перад яго пачаткам і канцом -
Каб баразну, радком пачаўшы першым,
У сноп звязаць шаснаццатым радком.
 
1962

Іншыя творы: Аркадзь Куляшоў