«Нябёсы - акіян, я знаў даўно...»

Аркадзь Куляшоў

Нябёсы - акіян, я знаў даўно -
Блакітны, неабсяжны, першародны,
А ўсё, што зорам на зямлі відно,
Ні больш ні менш як свет яго падводны.
 
Тут - водарасці пушчы векавой,
Бялявых хмар, вятроў бясконцых плыні,
Спрадвечных гор застыўшыя вяршыні,
Усё яго - да хваль, што пада мной,
 
Дзе акіян разлёгся Атлантычны...
Тут свет другі: і глыбіня, і мель,
І ёсць прастор, не меншы за касмічны,
Для хваль салёных ростам з карабель.
 
Я - трэці свет, я кропелька малая
Тых светаў двух - звычайны чалавек,
Што неба і зямлю ў сабе змяшчае
І ў свет адзін злучае іх навек.
 
1962

Іншыя творы: Аркадзь Куляшоў