Маналог

Аркадзь Куляшоў

Памяці паэтаў
З. Астапенкі і Ю. Таўбіна



 
* * *
 
Калі і дзе, я ўдакладняць не стану
Таго, што больш не выклікае прэк,
Бесчалавечнасць выпаліла рану
На часе тым, што адышоў навек.
 
А забыццё, каб сцерці з нешматслоўнай
Зямлі бесчалавечную віну,
Схавала месца смерці безназоўнай
Пад дываном, сатканым з дзірвану.
 
I хоць дзірван, што рану ўкрыў старанна,
Стаў палыном на мёртвай глебе той,
Не зарасла зямлі жывая рана,
А зарасла зямля яе травой.
 
Дзе б я ні быў, дзе б мне ні давялося
Убачыць дол, сівы ад палыну,
Пякуча сэрца сціснецца, і лёс я
Загінуўшых без весткі памяну.
 
* * *
 
Сябры мае! Пад пустак дыванамі
Ці не абрыдла безназоўнасць вам?
Дзе дзверы, што замкнуліся за вамі?
Як вас знайсці? Якіх пытацца брам?
 
Маўчыць нябыт каменных пліт паважных,
Дзе з надпісаў дажджы змываюць пыл,
Там я блукаў, але імёнаў вашых
Не адшукаў на вокладках магіл.
 
Няма куды сваю жалобу ўскласці
Ні жонкам, ні знаёмым, ні бацькам.
Сябры мае, хіба аб гэтым шчасці
У маладосці марылася нам?
 
Вяло нас музы строгай блаславенне
На шлях цяжкі, ды што казаць аб тым...
Я — ваша памяць, вы — маё сумленне,
Я — дрэўка, вы — трывалы сцяг на ім.
 
* * *
 


Устоіць той, хто варт,
На старт, сябры, на старт!
Юлі Таўбін



 
Быў кожны з вас адважных стартаў варты,
Шкада, што фініш быў не вартым вас.
Па-рознаму адлегласць паміж стартам
I фінішам нам адмярае час.
 
Адным, хто доўга жыў, зрабіўшы мала,—
Кароткім падарожжам за труной;
Другім, хто шмат зрабіў, пражыўшы мала,—
Адлегласцю ў бяссмерце даўжынёй.
 
Нядоўгім быў ваш век, як век падзёнак,
Мае сябры!.. Суровы сівер змёў
Са старту вас. Вы — кнігі без старонак,
Лісты без дрэў, дарогі без слядоў.
 
Нялёгка мне працягам быць тых самых
Няходжаных шляхоў, быць вартым тых
Спраў абарваных, кніг недапісаных,
Якім не ўзняцца з фінішаў сваіх.
 
* * *
 
Не бачыўся я ўсё жыццё амаль
З сябрамі незабыўнымі маімі.
Зноў выклікае на размову з імі
Навекі разлучыўшая нас даль.
 
Каня свайго сядлаю і ў дарогу,
Цяжэйшую з усіх былых дарог,
Кіруюся адзін,— як маналог
На пошукі жывога дыялогу.
 
Але ці след спяшацца мне, калі
Цень падаўжэў, конь пакалечыў ногі
I там, куды я еду, дыялогі
Спяць вечным сном, набраўшы ў рот зямлі?
 
Не прыпыняйся, не жахайся, слова!..
Хай адвячорак доўгім ценем лёг —
Магчыма немагчымая размова
Датуль, пакуль магчымы маналог.
 
* * *
 
Як мне сябрам паклон адважыць нізкі,
Дзе адшукаць іх захавання дол?
Ляглі маўклівым сведчаннем на стол
Адзіныя іх помнікі — дзве кніжкі.
 
Друкарняю адціснуты як след
На вокладках два прозвішчы і даты
Іх нараджэння новага на свет.
Два томікі, як два чырвоных святы!
 
Смяротнага спаборніцтва з пяром
Не вытрымаў ні штык, ні сталь рыдлёўкі,
I не змагла імгла нямой дамоўкі
Верш задушыць халодным забыццём.
 
Два томікі — два помнікі. З партрэтаў
Глядзяць сябры. Мы дружбе служым зноў.
Інакшых служб не трэба для паэтаў —
Ні ладану, ні жаласных прамоў.
 
* * *
 
Глядзіце без дакору і пагарды
Вы на мяне з экранаў вашых кніг,
Як кінастужак спыненыя кадры,
Гатовыя крануцца кожны міг.
 
На старце вы. Ад быстрае пагоні
Мне не ўцячы, а вам не перагнаць
Мае маршчыны і сівыя скроні,
Якім рукой да фінішу падаць.
 
Для тых, хто вас не бачыў, вы — партрэты
Адстартаваўшых год. А для мяне —
Вы назаўжды майго юнацтва леты,
Што не падставяць скроняў сівізне.
 
Для іншых вы — ахвяры радавыя
Крутых гадоў, бязлітасных судоў.
А для мяне — вы маршалы, якія
Камандавалі б арміямі слоў.
 
* * *
 
Так, мы — сябры па сэрцу і па зброі,
Вядомы арсенал байцоўскі наш:
Чарніла і чарніліца, пяро і
Хімічны альбо просты карандаш.
 
Мне нечым перад вамі ганарыцца,
Сябры!.. Адны ў нас пушчы і палі,
Засмаглымі радкамі з іх крыніц мы
Адзін і той жа халадок пілі.
 
Мне на жыццёвых шалях перавагі
Лёс не адважыў. Толькі ў тым яна,
Што доўгі шлях маёй няўтольнай смагі
Не абарвала ранняя труна,
 
Што я далей друкую крок, нібыта
Па бітым шкле — па муках, па вайне...
А ўсё, што мною знойдзена, набыта,
Належыць дружбе нашай, а не мне.
 
* * *
 
Адзіным дрэвам дружбы мы раслі.
З трох два сукі сякера смерці ссекла.
Не трапілі яны ні ў рай, ні ў пекла,
Працяг іх існавання — на зямлі.
 
Дагэтуль іх, нібы руку — бязрукі,
Нагу — бязногі, адчувае ствол,
Жывая верхавіна помніць мукі,
Рукой гвалтоўнай кінутых на дол.
 
Асуджаныя лёсам на знішчэнне,
Яны не падуладны сілам зла:
Карэнні ў дрэва ёсць апроч ствала,
Апроч карэнняў прагных ёсць насенне.
 
Праходзячы кругазваротны шлях,
Яно і іх вяртае ў схоў глыбокі,
Адкуль для новых дрэў карэнне сокі
Бярэ, зямлю трымаючы ў руках.
 
* * *
 
Адзін памёр ад тыфусу брушнога
За кратамі, сярод муроў сырых.
Без стужак, без вянкоў, без некралога,
З кляймом абвінавачання цяжкога,
 
Згубіўся ён сярод магіл глухіх.
Другі на фронт з таежнага барака
Шчасліва ўцёк. За валам агнявым
Яго салдацкі штык вяла атака,
 
Там ён на смерць пад прозвішчам сваім
Хадзіў і пахаваны разам з ім.
Хай згублены сляды іх захавання,
Не страчаны іх сувязі з зямлёй.
 
Яна для іх — не вечны супакой,
А месца пасмяротнага спаткання,
Прызначанага ў памяці маёй.
Пакуль жыву, яны жывуць са мной.
 
* * *
 
Яны ў мае наведваліся сны,
Праходзілі дарогамі былога
Адлегласць ад калыскі да труны.
Яны ў мяне на ўсё жыццё адны,
А ў іх, апроч майго радка скупога,
На ўсёй зямлі не знойдзеш больш нікога.
 
Як без мяне ім быць, а мне без іх?
Адна ў нас засталася на траіх
Мая дамоўка. Не хачу, каб з ёю
Засыпалі халоднаю зямлёю
Жывую памяць аб сябрах маіх.
 
Пакрыўджаную выракам суровым,
Яе не зацярушыць змрок сляпы,
Пакуль над захаваннем палыновым
Да іх, жывых, з непахаваным словам
Звяртацца будзе мой радок скупы.
 
* * *
 
Датуль мне ў снах з'яўляліся яны,
Пакуль не сталі вершамі маімі.
Час надышоў мне развітацца з імі —
Нібы застолле, апусцелі сны.
 
Згубіліся абліччы, змоўклі словы,
Зноў я адзін. У розныя бакі
Краіны той, дзе вечныя іх сховы,
Раз'ехаліся моўчкі дружбакі.
 
Няўжо даволі з іх той сціплай меры —
Трох метраў непрытульнае зямлі?
Той памяці, шматка тае паперы,
З якой яны радкамі прараслі?
 
А можа, гэта — самазахаванне,
Катораму без сноў такіх лягчэй?
А можа — абавязку выкананне?
Дазвол сумлення — рухацца далей?
 
* * *
 
Хваробу, што здароўе падкасіла,
Нібы быка, за рогі мы бяром,
Пакуль жыве ў нядужым целе сіла
З уладай таямнічай над пяром.
 
Лепш цяжка жыць,
        чым быць бадзёрым трупам —
Гарэць агнём, якога ўжо нямаш,
Былой уладай пахавальны марш
Забараняць іграць крытычным трубам.
 
Лепш вечны сон, чым гэткай явы сны.
Хай на парозе небыцця такога
Мяне ў калыску з труннае сасны
Кладуць жывога так, як нежывога.
 
Нашто мне зрок, навошта гучны крок,
Хвілін імклівасць, цішыні хвіліны,
Турботы дня, апошнія навіны,
Крывёй не перагнаныя ў радок?
 
* * *
 
Мой маналог, як палымяны конь,
Пачуўшы подых бур, стрыжэ вушамі,
Спяшаецца, паразмаўляўшы з вамі,
Ад вечнага агню ў жыцця агонь.
 
Між намі лёс правёў размежаванне:
Вы — скрыжаванне рук, я — крокаў рух.
Аднак саюз мужчынскі — не каханне,
Дзе трэці лішні пакідае двух.
 
Наш брацкі вузел не парве, я знаю,
Ні адгрымеўшы, ні наступны бой.
Я, ваша памяць, вас не пакідаю,
Бяру з сабой, як клятву, як набой.
 
Злучыліся: з дарогамі дарога,
З лістамі дрэва, са слязою пыл,
I ў сэрцы тым, дзе ўсёй зямлі трывога,
У тры разы прыбавілася сіл.
 
* * *
 
Салдатаў веку, што па грозных цэлях
Вядуць агонь з траншэй перадавых,
Ужо не забіваюць на дуэлях
Забойцы каранованыя іх.
 
Аб паядынку не папераджае
Іх, як калісьці, секундант маны,
Ланцуг — яго вялікасць — іх знішчае,
Душу ад цела вее бог вайны.
 
Хваробай вокамгненнаю — інфарктам
Расстрэльваюць кароткае жыццё
I незлічоных страт агульным актам
Спяшаюцца спісаць у небыццё.
 
Але, сярод ахвяраў незлічоных
Не спісаныя памяццю жывых,
Яны агонь вядуць па цэлях чорных
З магіл сваіх! З траншэй перадавых!

Іншыя творы: Аркадзь Куляшоў