На сотай вярсце

Аркадзь Куляшоў

Ля поплава лазню
Таплю ад паўдня;
Ля поплава злазіць
Дзяўчынка з каня.
 
На вольхах даўгі
Калыхаецца цень.
Прысела. Шляхі
Затамілі за дзень.
 
Сто вёрст адскакала
Пякельных, як вар,
Сто вёрст загарала -
Нябёсы без хмар.
 
- Дазволіш, - смяецца, -
Папарыцца мне?..
Ты ж баншчык, здаецца?
Адказваю:
- Не.
 
Я так - летуценнік,
У бацькі ў гасцях,
Бярозавы венік
Трымаю ў руках.
 
Пяю табе славу,
Духмяны лісток,
Ты жаркую паву
Прывабіў здалёк.
 
Яна маладая,
І я - малады.
Размова такая:
- Адкуль вы?
Куды?..
 
Кароткая стрэча
На сотай вярсце.
З маланкай пад вечар
Хмарынка расце,
 
Спяшае наехаць,
Нахлынуць на нас;
Развітвацца - нехаць,
А трэба, а час.
 
З трывогай на хмарку
Глядзім, а маглі б
Ісці з ёй да парку -
Да школьных да ліп.
 
Конь пасвіўся б сыта
У лузе, а мы б
Пад самае жыта
Пабегчы маглі б.
 
Пасеўшы ў зацішша,
Вязалі пражмо б,
А сонца ўсё ніжай
І ніжай ішло б.
 
У хвалі прымала б
Яго збажына...
Куды ж паскакала
Так рана адна?
 
Касынкай-зарой
З жытніх бліснула хваль.
Як сэрца за ёй
Парываецца ўдаль!
 
Эх, коні-стаеннікі,
Пыл за сялом...
Духмяныя венікі,
Чэрвеньскі гром!
 
Люты 1939 г.

Іншыя творы: Аркадзь Куляшоў