Пра Марс

Аркадзь Куляшоў

Не жывуць на Марсе марсіяне,
Працай рук не жывяць дол глухі,
Марс даўно іх у сваім кургане
Пахаваў за нейкія грахі.
 
Час усмерціў іх ці даканалі
Сваркі, не пазбытыя ў свой час?
Як маршчыны на чале, каналы
З запытаннем звернуты да нас:
 
«Адкажы нам, астраном-аматар,
Растлумач, вучоны чалавек,
Для каго, шырэйшыя ад рэк,
З полюса сівога на экватар
Мы ваду ганяем з веку ў век?
 
Ты за намі назіраў увосень
Праз трубу падзорную ўначы -
Горы пылу над планетай носяць
Радыеактыўныя смярчы...
Толькі нас чамусьці смерць не косіць».
 
Што ім адказаць на запытанне?
Можа, сапраўды іх існаванне
Больш патрэбна для планет другіх,
Можа, гэта ў час процістаяння
Неўміручай працай рук сваіх
Нас засцерагаюць марсіяне
Ад бяды, што не мінула іх?
 
1961

Іншыя творы: Аркадзь Куляшоў