На полі бою

Аркадзь Куляшоў

Калі, ідучы, завітаеш
На поле бою старое,
Па надпісу адшукаеш
На ім ты магілу героя.
 
Каб новай набрацца сілы -
Стаміла цябе дарога, -
Прыляж ля яго магілы,
Нібы жывы ля жывога.
 
Прылёгшы, ты ўбачыш неба,
І ў травяным закутку
Скруці з газеты, як трэба,
Любімую ім самакрутку.
 
Бо з часу, як лёг ён пры шляху,
А ўсе праімчаліся міма,
Не чуў ён так блізка паху
Тытунёвага дыма.
 
І не здзіўляйся вельмі,
Не думай, што гэта здаецца,
Калі ў глухім падзямеллі
Ягонае
Сэрца
Заб'ецца.
 
І не здзіўляйся бясконца,
Калі ён адтуль спытае,
Якое на небе сонца
І сінява якая.
 
Бо ён і раней таксама
Любіў задаваць пытанні,
Курыць любіў самакруткі,
Выслухваць апавяданні.
 
Хаця ён і быў пахаваны
Пад музыку, песні, вершы,
Але назваць яго можна
Хутчэй жывым, чым памершым.
 
Перад палком выклікаюць
Яго і цяпер на паверцы,
Калі трапечуцца сцягі
І салдацкія сэрцы.
 
І кожны раз называюць
Пры гэтым і поле бою,
Дзе лёг ён на сталь кулямёта,
Сяброў засланіўшы сабою.
 
1946

Іншыя творы: Аркадзь Куляшоў