Воблака

Аркадзь Куляшоў

Уткнуўшы ў бераг вудзільно,
Я вуджу раніцою.
А воблака? Плыве яно
І небам і вадою.
 
Нарэшце клюнула разок -
І рыбка немалая! -
З пяром гусіным паплавок
Пад воблака нырае.
 
Стаіў дыханне. Цішыня...
Убок рукой умелай
Я падсякаю галаўня,
Цягну з хмарынкі белай.
 
Вада ў кругах,
Вада ў кругах,
І неба ў ёй не тое...
А воблака? Яно ў руках
Трапечацца жывое.
 
1937-1939

Іншыя творы: Аркадзь Куляшоў