Паведамленне ТАСС

Аркадзь Куляшоў

Калі сівым зраблюся дзедам,
Усімі паважаны госць,
У вёску родную прыеду,
У ельнік,
Што за вёскай ёсць.
 
Убачу радасныя змены,
Што сябра мой - таксама дзед,
Ў бакоўцы захавалі сцены
Сляды знаёмых нам газет.
 
Ў раённай выцвіўшай газеце
Знайду
«Паведамленне ТАСС»
І ўспомню ўсё, чым жыў на свеце,
І ўсё,
+што хвалявала нас.
 
Захочацца з юнацкай далі
Яшчэ раз навіну пачуць,
А там,
Як класікі пісалі,
Навек забыцца і заснуць.
 
1941

Іншыя творы: Аркадзь Куляшоў