Песня-казка

Янка Купала

Гэй! далёка за морам за сінім
Ёсць адна старана, ёсць адна,
А ў ёй князева дочка — княгіня,
Світазарай завецца яна.
 
Гэй! далёка за лесам, за борам
Ёсць адна старана, ёсць адна,
А ў ёй князь у злацістым уборы,
Срыбра б’е ад каня, ад сядла.
 
Гэй! далёка за хатай, за вёскай
Ёсць адна старана, ёсць адна,
А ў ёй молад дзяцюк, бяды цёзка,—
Ні ганораў, ні скарбаў няма.
 
Гэй і выйшла, ой! выйшла праява:
І той князь, і дзяцюк той бядак
Спадабалі княгіню на славу,
Спадабалі — і як яшчэ, як!
 
Не на рэчцы лялее вадзіца,
І не явар калыша лістком,—
Гэта кроў маладая бурліцца,
Гэта сэрца пайшло хадуном.
 
І паехалі ўдвух яны ў сваты
(Абодвум далей нельга так жыць),
І той князь, і дзяцюк небагаты,
Світазару за жонку прасіць.
 
Едуць дзень, едуць ноч, едуць доўга,
Дзяцюк з той, а князь з той стараны;
Таму пнём, таму шляхам дарога;
Яны едуць, і едуць яны...
 
Не арлы, сакалы на даліну
Па дабычу-пажыву лятуць —
Два ўдальцы да аздобнай дзяўчыны
Ў яе хорам цудоўны бягуць.
 
«Вот, княгіня, вот, наша ты пані!» —
Яны кажуць абодва так ей:
«Няхай ласка твая на нас гляне,
Няхай выбера, хто ёй мілей!»
 
«Я багат, я брыльянтаў даволі
Сыпну, княжна, пад ножкі твае;
Маё поле — тваё будзе поле,
Табе слугі пакорны мае».
 
«Я хоць бедзен, ды шчыра затое
Сваё сэрца, душу табе дам;
Не дам слуг, а сам буду слугою,
Скарбам стану цаннейшым я сам».
 
Княжна чуе ўсе гэтыя словы,—
Бедака бярэ мужам сабе.
Князь запеніўся, мсціцца гатовы,
Дзецюку ўгрозы сыпе ў кляцьбе.
 
Не груган над ахвярай шыбуе,
Не схаваную высачыў косць,
К праўдзе ўвагі не знае, не чуе,
Як змяя, чалавечая злосць.
 
З чараўніцаю зелле князь вара,
З цёмнай сілаю дружбу вядзе;
Маладую ўсыпляе ён пару,
Маладому аковы кладзе.
 
Прабудзіўся ўдалец,— і што бача?
Сам без княжны, апошні з людзей;
Світазара у хораме плача,
Князь з дружынай гуляе сваей.
 
Ходзяць хмары шумліва, паважна,
Падцінае хаўтурны ім звон;
Людзі плачуць над хлопцам, над княжнай,
Князю б’юць за паклонам паклон.
 
[1906-1910]

Іншыя творы: Янка Купала