Коціцца крыніца...

Янка Купала

Коціцца крыніца,
Коціцца далёка,
А над ёй бядуе
Вольха адзінока:
 
— Ой, плывеш ты, рэчка,
—Бурна і прасторна,
А я прыкавана
Да зямелькі чорнай!
 
Рэчка адказала:
— Хоць плыву, не ўстою,
Але берагі мне
Не даюць спакою.
 
Жалілася вольха
Ветру сваёй доляй:
— Ты — свабодны, вецер,
Я жыву ў няволі.
 
Зашумеў ёй вецер:
— Хоць гуляю вольна,—
—Выдзірае лес мне
Вочы беспатольна.
 
Вольха плача далей,
Плача чалавеку:
— Ты жывеш, як хочаш,—
—Я марнею ў здзеку.
 
Голас чалавечы
Вольсе адазваўся:
— Ты йшчэ хоць бядуеш,—
Я ж — адбедаваўся.
 
Ты хоць ажыўляеш
Выгляд свой вясною,—
Я сплю адналькова
Летам і зімою.
 
1913

Іншыя творы: Янка Купала