На беларускую выдавецкую суполку «Загляне сонца і ў наша аконца»

Янка Купала

1
Што і мы аб чымсь дбаем,— выдавецкую маем
Суполку ад прошлага лета,
Дый ажно «Загляне сонца і ў наша аконца»
Таварыства ахрышчана гэта.
 
Але ўсё йшчэ цямноты... Як да кожнай работы,
Не надта спяшыць мы ахвочы;
Знаць, пакуль гэта «сонца» гляне ў наша аконца,
Начная раса выесць вочы.

2
Горы абяцаці —
Не споўніць крыхі —
Не святыя лепяць
Гэткія гаршкі.
 
Ёсць у нас «суполка» —
Цешся, беларус,
Тваёй мовай кніжак
Надрукуе стус.
 
Ой, спяшыць суполка
Кніжкі выдаваць,
Хіба на тым свеце
Будзем іх чытаць.
 
1907

Іншыя творы: Янка Купала