А ты, сіраціна...

Янка Купала

...А ты, сіраціна, жыві,
Як ветрам лісток адарваны,—
Ні месца табе на зямлі,
Ні радасці з песень жаданай.
 
Нясі сваю ношку жыцця
Між наспаў-курганаў магільных,
Без веры ў свой цэль, без пуцця,
Расплаканы ў жальбах бяссільных.
 
Як цень з таго свету, ідзі,
Не знаючы ў долі сірочай
Ні сэрца з дзявочай грудзі,
Ні сонечнай ласкі дзявочай.
 
Жыві і сні сны аб вясне,
Ды думай адно, сіраціна.
Што нават ніхто не ўздыхне
Калісь над тваёй дамавінай.
 
1913

Іншыя творы: Янка Купала