Дзе вы?

Янка Купала

Дзе вы, хлопцы непакорныя,
Дзе вы з песняй удалою,
Як на поле на прасторнае
Вы хадзілі грамадою?
 
Ці пайшлі вы у далёкую
У старонку у чужую;
Ці ляглі вы, адзінокія,
У магілку у сырую?
 
Дзе вы, песні, дзе, свабодныя?
Дзе ваш водгалас магучы,
Як вы звалі, сыны родныя,
Да той працы да кіпучай?
 
Ці замёрлі вы нячутымі
Серад лесу, серад поля;
Ці і вас скавалі путамі,
Ці і вас змагла няволя?
 
Гэй, нявідна друга сільнага,—
Спіць. Хто ж сон яго ўстрывожа?
Гэй, ад енку ад магільнага
Песня вырвацца не можа!..
 
[1908]

Іншыя творы: Янка Купала