Кацярына

Янка Купала

Ох, як гэта Кацярына
Спрытная ўдава,
Дык другая і дзяўчына
Пры ёй дрэнь-трава!
 
Кожны хлопец аж трасецца,
Вокам як міргне,
А як губай засмяецца —
Доўга не засне.
 
Кацярына — гаспадыня,
Словам — баба-зух!
Мае ўсякае начынне
І курэй катух.
 
Не якая там няздара
На руку яна:
Пале ў печы, есці вара
І усё адна.
 
Наварыла чамярухі,
Ладак напякла,
Паляцела і сівухі
Пляшку прынясла.
 
Маладзенькага Захарку
Садзіць за сталом,
І гарэлку чарка ў чарку
П’юць сабе ўдваём.
 
Закурылася чупрына...
Спаці хоча госць.
Знае дзела Кацярына...
Дзе ж такая ёсць?
 
Госцю ложак памасціла
Наша удава;
Пад акном жа, колькі сілы,
Гукае сава.
 
1906

Іншыя творы: Янка Купала