Новы год

Янка Купала

Са звонам пут, са свістам пугаў,
З брахнёй, з грызнёй у чарадзе,
Ў той самай цьме, ў тым самым кругу
Стары сышоў, а Новы йдзе.
 
Ідзе. А вылюдкі марочаць
Маной мазгі адны адным,
Што будзе светамі варочаць
І сеяць змены скрозь усім.
 
Што будзе годам пераменаў,
Тым на дабро, а тым на зло;
Сляпым і зрачым неадменна
Таго не будзе, што было.
 
Кляцьбой, мальбой, дзе хто як можа,
Рабы і іх гаспадары
Карысці ўсякія варожаць,
Якіх не кінуў ім Стары.
 
А хто каго ямчэй скатуе,
Ахвотна роюць сны свае,
Той на другіх пятлю рыхтуе,
Той сам сабе вяроўку ўе.
 
Той на таргоўлю выстаўляе
Свае сумленне і душу,
А той па тым звярам спраўляе
За грошы чорную імшу.
 
За ліхалеццем ліхалецце
Так без канца йшло тут і там;
Гібелі людзі на ўсім свеце,
Гібець прыходзіцца і нам.
 
І гэты год паходкай смелай
Спляце, як той, такі ж ланцуг;
Цябе, народ асірацелы,
Чакае з ім адно із двух:
 
Або загляне ў нашы хаты
Дабра і радасці паслом,
Святлом апамятуе катаў,
Нам панаванне дасць над злом.
 
Або з літаннем пут і пугаў,
З брахнёй, з грызнёй у чарадзе,
Ў той самай цьме, ў тым самым кругу,
Як шоў Стары, і Новы йдзе.
 
1912

Іншыя творы: Янка Купала