На прызбе

Янка Купала

Сядзіць на прызбе бледны дзед
І пазірае слёзна ў свет.
 
Старэчай думкай ўдаль бяжыць,—
Як жыў, жыве, як будзе жыць.
 
За успамінам успамін
У грудзі лезе, як той клін.
 
Шлях немалы прайшоў ў жыцці,
А йшчэ ці многа перайсці!
 
Ўсё разважае на свой лад,
І, што збудзіў ўспамін, не рад.
 
У думкі прэцца стада мар —
І двор, і пан, прыгон і цар.
 
Бадзянні тыя, што ўслед шлі,
Па роднай, па чужой зямлі,
 
І тыя новы ўладары,
Што пруць к яму ў гаспадары;
 
Ўсё важыць розумам дзядуль
І не здыбе дабра знікуль,
 
Адно, ад назалістых дум
Што раз, то горшы цісне сум.
 
І сам не бачыць, як расой
Сплыла слязіна за слязой,
 
З сухім змяшалася пяском
І заблішчэла аганьком...
 
А дзед на прызбе ўсё сядзіць
І ў дальню даль глядзіць, глядзіць!
 
1918

Іншыя творы: Янка Купала