"На Гітлера-звера..."

Янка Купала

* * *
 
На Гітлера-звера,
Сабачага сына —
З касой і сякерай,
З сярпом і дубінай!
 
Ўставайце, ідзеце
На чорнага змея,—
Няхай кроў ліецца
З твайго ліхадзея.
 
Парэзаў ён дзетак,
Тваіх малалетак,
Парэзаў ён матак,
Спаліў твой дастатак.
 
За матак, за дзетак, расстрэленых немцам,
За кроў, пралітую нявінна, і здзекі —
Ўставай, партызан, за смерць помсціці смерцю,
Ўставай, партызан, за зямлю, за свабоду навекі!
 
Хай вораг катуе,
Хай вораг лютуе —
Гадзюцы збаўлення няма!
 
Ты слухай, паслухай, таварыш мой мілы
З заходняй, з усходняй святой Беларусі,
Мы рылі французам і шведам магілы,—
Сваю рыць магілу мы Гітлера змусім.
 
Павер, мой народзе,
Ў пабедзе, ў свабодзе —
Ў Савецкім ззяць будзем Саюзе.
Ты будзеш шчаслівы
На родных на нівах!
 
[1942]

Іншыя творы: Янка Купала